A R C H E П а ч а т а к № 7-8 (58-59) - 2007
Пачатак  Цалкам Форум


7-8 — 2007

 



крытыка • аналітыка • гісторыя • літаратура • гутарка • эсэістыка

 


аналітыка

  Віталь Сіліцкі

Вокладка «ARCHE» №7-8
   Мінулыя нумары:

   ARCHE (6’2007)
   ARCHE (5’2007)
   ARCHE (4’2007)
   ARCHE (3’2007)
   ARCHE (1,2’2007)

   ARCHE (12’2006)
   ARCHE (11’2006)
   ARCHE (10’2006)
   ARCHE (9’2006)
   ARCHE (7-8’2006)
   ARCHE (6’2006)
   ARCHE (5’2006)
   ARCHE (4’2006)
   ARCHE (3’2006)
   ARCHE (1,2’2006)

   ARCHE (6’2005)
   ARCHE (5’2005)
   ARCHE (4’2005)
   ARCHE (3’2005)
   ARCHE (2’2005)
   ARCHE (1’2005)

   ARCHE (5’2004)
   ARCHE (4’2004)
   ARCHE (3’2004)
   ARCHE (2’2004)
   ARCHE (1’2004)

   ARCHE (6’2003)
   ARCHE (5’2003)
   ARCHE (4’2003)
   ARCHE (3’2003)
   ARCHE (2’2003)
   ARCHE (1’2003)

   ARCHE (3’2002)
   ARCHE (2’2002)
   ARCHE (1’2002)

   Скарына (6’2001)
   ARCHE     (5’2001)
   Скарына (4’2001)
   Скарына (3’2001)
   ARCHE     (2’2001)
   Скарына (1’2001)

   ARCHE     (9’2000)
   Скарына (8’2000)
   ARCHE     (7’2000)
   Скарына (6’2000)
   ARCHE     (5’2000)
   Скарына (4’2000)
   ARCHE     (3’2000)
   Скарына (2’2000)
   ARCHE     (1’2000)

   ARCHE (4’1999)
   ARCHE (3’1999)
   ARCHE (2’1999)
   ARCHE (1’1999)

   ARCHE (1’1998)

 

Віталь Сіліцкі
Выжывае мацнейшы
Аўтарытарная рэакцыя пасля каляровых рэвалюцыяў у краінах былога СССР: унутрыпалітычныя і міжнародныя аспекты

На пачатку XXI ст. перспектывы дэмакратызацыі ў постсавецкіх краінах былі далёка не бліскучыя. Пасля падзення камунізму на прасторах былых савецкіх рэспублік паўсталі гэтак званыя «гібрыдныя рэжымы». Напачатку іх памылкова адносілі да «недасканалых», або «нетрывалых», дэмакратыяў, але ў асноўнай масе яны паступова прыйшлі да аўтарытарызму. З дванаццаці краінаў СНД дзевяць пачыналі сваё незалежнае існаванне як «часткова свабодныя» паводле метадалогіі Freedom House. Да канца ХХ ст. чатыры з іх: Азербайджан, Беларусь, Казахстан і Кыргызстан — трапілі ў лік несвабодных. З ростам аўтарытарных тэндэнцыяў у Расіі (яна стала несвабоднай у 2004 г.) рэгіён канчаткова ператварыўся ў адзіную прастору непарушнага аўтарытарызму.

Лічбы паказваюць сярэдні індэкс палітычных правоў і грамадзянскіх свабодаў, вымераныя па шкале ад 1 (свабодная) да 7 (несвабодная). Паказнік ад 2,5 і ніжэй значыць, што краіна свабодная, ад 3 да 5 — часткова свабодная, ад 5,5 — несвабодная. Перыяды рэпрэсіяў (несвабоды) у палітычным развіцці краінаў постсавецкай прасторы вылучаныя тлустым шрыфтам.

Табліца 1.
Адкат да аўтарытарызму ў краінах былога Савецкага Саюзу (1992-2005 гг.)

1992 1993 1994 1995 1996 1997 1998 1999 2000 2001 2002 2003 2004 2005
Арменія 3,5 3,5 3,5 4,0 4,5 4,5 4,0 4,0 4,0 4,0 4,0 4,0 4,5 4,5
Азербайджан 5,0 6,0 6,0 6,0 5,5 5,0 5,0 5,0 5,5 5,5 5,5 5,5 5,5 5,5
Беларусь 3,5 4,5 4,0 5,0 6,0 6,0 6,0 6,0 6,0 6,0 6,0 6,0 6,5 6,5
Грузія 4,5 5,0 5,0 4,5 4,0 3,5 3,5 3,5 4,0 4,0 4,0 4,0 3,5 3,0
Казахстан 5,0 5,0 5,5 5,5 5,5 5,5 5,5 5,5 5,5 5,5 5,5 5,5 5,5 5,5
Кыргызстан 3,0 4,0 3,5 4,0 4,0 4,0 5,0 5,0 5,5 5,5 5,5 5,5 5,5 4,5
Малдова 5,0 5,0 4,0 4,0 3,5 3,5 3,0 3,0 3,0 3,0 3,5 3,5 3,5 3,5
Расія 3,5 3,5 3,5 3,5 3,5 3,5 4,0 4,5 5,0 5,0 5,0 5,0 5,5 5,5
Таджыкістан 6,0 7,0 7,0 7,0 7,0 6,0 6,0 6,0 6,0 6,0 5,5 5,5 5,5 5,5
Туркменістан 6,5 7,0 7,0 7,0 7,0 7,0 7,0 7,0 7,0 7,0 7,0 7,0 7,0 7,0
Украіна 3,0 4,0 3,5 3,5 3,5 3,5 3,5 3,5 4,0 4,0 4,0 4,0 3,5 2,5
Узбекістан 6,0 7,0 7,0 7,0 6,5 6,5 6,5 6,5 6,5 6,5 6,5 6,5 6,5 7,0
Паляпшэнне
0 4 1 3 2 2 0 0 0 1 0 2 3
Нязменна
4 6 8 7 9 8 11 7 12 10 12 7 9
Пагаршэнне
8 2 3 2 1 2 1 5 0 1 0 3 0
Крыніца: Freedom House. Freedom in the World Reports.

Пасля па некаторых постсавецкіх краінах пракацілася хваля масавых пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў. Яна прывяла да падзення напаўаўтакратычных рэжымаў Эдуарда Шэварднадзэ ў Грузіі (2003 г.), Леаніда Кучмы і Віктара Януковіча ва Ўкраіне (2004 г.) і Аскара Акаева ў Кыргызстане (2005 г.). Гэтыя рэвалюцыі сталі працягам электаральных зменаў рэжыму ў Цэнтральна-Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропе, дзе дэмакратычная апазіцыя перамагла аўтарытарную ўладу ў Славакіі (1998 г.), Харватыі і Сербіі (2000 г.). «Каляровыя рэвалюцыі» адрадзілі надзею на дэмакратызацыю ўсяго рэгіёну. Некаторы час палітолагі і палітычныя аналітыкі замест пытання, ці пакоціцца гэтая хваля далей, пераважна задавалі іншае: каго яна накрые наступным?

Аднак рэвалюцыйны запал і спадзяванні на тое, што праз механізм «перадачы інфекцыі» і дыфузіі дэмакратыя пераможна пакрочыць далей, вельмі хутка зніклі. У траўні 2005 г. ва ўзбецкім Андыжане, дзе паліцыя і армія стралялі ў збольшага бяззбройных грамадзян, якія паўсталі супраць мясцовай улады, мы з жахам убачылі, наколькі далёка можа зайсці еўразійскі аўтакрат, каб захаваць уладу. Далейшы «распаўсюд дэмакратычнай заразы» ва ўсіх краінах рэгіёну эфектыўна ўдушаўся апераджальнымі рэпрэсіямі супраць дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. У выніку наступныя выбары ў краінах, дзе чакаліся магчымыя дэмакратычныя рэвалюцыі, прайшлі руцінна: уладатрымальнікі ў Таджыкістане, Азербайджане, Казахстане (2005 г.) і Беларусі (2006 г.) лёгка адолелі апазіцыю і пацвердзілі свае паўнамоцтвы ў звыклай для сябе манеры і з прадказальнымі вынікамі.

Чаму хваля электаральных рэвалюцыяў спынілася там, дзе спынілася? Чаму яна сталася адносна кароткім эпізодам у агульным працэсе ўмацавання аўтарытарызму на прасторы былога СССР? Якім чынам перспектывы дэмакратызацыі рэгіёну толькі пагоршылася пасля хвалі рэвалюцыяў? У дадзеным артыкуле робіцца спроба знайсці адказ на гэтыя пытанні. Грунтаваць сваю аргументацыю я буду перадусім на г. зв. «эфекце Дарвіна» ў звязку з «распаўсюдам дэмакратычнай заразы». У адказ на шэраг электаральных рэвалюцыяў астатнія постсавецкія аўтакраты зрабілі апераджальныя крокі, каб ліквідаваць пагрозу сваёй уладзе яшчэ ў зародку. Яны ўмацавалі ў сваіх краінах выразна аўтарытарныя тэндэнцыі. Калі «эфект Дарвіна» тлумачыць унутраную контррэакцыю аўтакратыі (то бок унутрыдзяржаўныя захады па недапушчэнні змены рэжыму), то вонкавыя перашкоды «распаўсюду дэмакратычнай заразы» апісваюцца рэгіянальным эфектам. З аднаго боку, калі хваля рэвалюцыяў дакацілася да малапрыдатнага для змены ўлады рэгіёну, аўтакратыі пачалі яднацца. Гэтая канвергенцыя аўтарытарызму выявілася ў агульных захадах, супрацы і хаўрусаванні рэжымаў і дзяржаваў, зацікаўленых у спыненні і адкаце хвалі дэмакратызацыі. З другога боку, хваля рэвалюцыяў паскорыла вяртанне Расіі да ролі рэгіянальнага гегемона. Прычына ў тым, што Крэмль, па-першае, баіцца распаўсюду «дэмакратычнай заразы» на Расію і, па-другое, непакоіцца, што дэмакратызацыя падарве дамінаванне на прасторы былога Савецкага Саюзу. Залежнасць пострэвалюцыйных краінаў (як і постсавецкіх аўтакратыяў) ад Расіі ў шэрагу сфераў дапамагае Расіі рэалізоўваць свае амбіцыі. З аднаго боку, расійская палітыка аслабіла шанцы на замацаванне дасягненняў дэмакратызацыі, з другога, дала аўтарытарнаму інтэрнацыяналу надзейнае апірышча.

Дзе хваля разбілася аб бераг¹

  палітоляг, сталы аўтар «ARCHE».
   

Азіраючыся на каляровыя рэвалюцыі

Тэарэтычнае асэнсаванне электаральных рэвалюцыяў будуецца на дзвюх парадыгмах. У цэнтры першай — унутрыпалітычныя перадумовы электаральных сцэнараў змены рэжыма. Розныя аўтары ўжываюць розную тэрміналогію, але ўсе тлумачэнні ў межах дадзенага падыходу базуюцца на адным: некансалідаванасць аўтарытарнай улады2 і сама структура аўтарытарызму з захаваннем пэўнай палітычнай канкурэнцыі3 (мінімум незалежных СМІ плюс самаарганізацыя палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці) падарвалі здольнасць рэжыму адказаць рэпрэсіямі на выклік, кінуты дэмакратычнай апазіцыяй, калі ўладатрымальнік страціў папулярнасць. У выніку паўстаў канфлікт паміж «імкненнем уладнай групоўкі забяспечыць пераемнасць улады і неабходнасцю яе дэмакратычнай легітымацыі»4. Заснаваны на ўнутрыпалітычных перадумовах падыход дакладна акрэслівае мяжу, да якой можа дакаціцца хваля рэвалюцыяў: яна натуральным чынам спадзе, калі ў рэгіёне больш не застанецца аўтарытарных рэжымаў з захаваннем пэўнай палітычнай канкурэнцыі5.

Аналіз, пабудаваны на канцэпцыі ўнутраных перадумоваў, часцяком меў шырокараспаўсюджаную ў кампаратыўнай палітыцы загану: для тлумачэння ўсяго некалькіх выпадкаў уводзілася зашмат незалежных пераменных6. Такі падыход дзеля выпрацоўкі аб’ектывізаванай «навуковай» формулы пакідае па-за ўвагай ролю дзейных асобаў і выпадковасці ў змене рэжыму. А самае галоўнае — ён не ўлічвае, што кожная мінулая электаральная рэвалюцыя робіцца істотнай незалежнай пераменнай, якая ўплывае на дынаміку палітычных зменаў у кожнай новай рэвалюцыі. Другі падыход да разгляду электаральных рэвалюцыяў засяроджваўся на эфекце «снежнага камяка», або «распаўсюду дэмакратычнай заразы»7. Ён тлумачыць тое, што выпускае з-пад увагі канцэпцыя ўнутраных перадумоваў: чаму, насуперак скепсісу як аналітыкаў і назіральнікаў, гэтак і самога насельніцтва, у розных краінах адбыліся падобныя электаральныя змены рэжыму? Чаму яны прайшлі ў такіх, здавалася б, розных краінах з цалкам непадобнымі ўнутранымі перадумовамі? Згодна з дадзеным падыходам, «пераканаўчасць станоўчых прыкладаў»8 і распаўсюд інфармацыі пра ўзоры змены рэжыму9 праз СМІ, прыхільнікаў пашырэння дэмакратыі і рэгіянальную сетку актывістаў падштурхнулі да зменаў у новых краінах, дзе не склаліся ўнутраныя перадумовы. Гэта «дазволіла некаторым групам, якія з структурнага гледзішча знаходзіліся ў горшым становішчы, перамагчы, узяўшы на ўзбраенне прыклад папярэднікаў»10. Нават узнікла метафара пра «храналагічную несправядлівасць гісторыі», бо, «карыстаючыся досведам папярэднікаў, не трэба плаціць той самы кошт»11.

Падыход, што грунтуецца на «распаўсюдзе дэмакратычнай заразы», не дае адказу на важнае пытанне: чым вызначаюцца яго межы? Ці могуць асобныя краіны выпрацаваць да яе імунітэт12? Адказ на гэтае пытанне можна знайсці толькі крытычна спалучыўшы абодва падыходы. Найлепш з гэтым пакуль далі рады Валеры Банс і Шэран Уолчык (2006). Прааналізаваўшы паслядоўнасць дэмакратычных рэвалюцый, яны прапанавалі простую і надзвычай трапную формулу. Яна звязвае ўнутраныя перадумовы і «распаўсюд дэмакратычнай заразы» як вызначальныя чыннікі ў дынаміцы і выніках электаральных рэвалюцыяў. Згодна з іх назіраннямі, хваля зменаў рэжыму пачалася ў тых краінах, дзе існавалі найбольш спрыяльныя перадумовы. Трансфармацыя рэжымаў у Славакіі і Харватыі адбылася ў выніку выбараў. Там упершыню прайшла апрабацыю дадзеная мадэль, прычым змены адбыліся найбольш мірна і арганізавана. Іх зыход быў найменш непрадказальным, бо ўладатрымальнікі не мелі ці наўмысна не хацелі выкарыстоўваць інструментаў, каб адняць у апазіцыі перамогу на выбарах. І, нарэшце, перамога апазіцыі ў Славакіі і Харватыі прывяла да найбольш сталых посьпехаў у пабудове дэмакратыі.

Дзякуючы паспяховаму прыкладу хваля пайшла далей, бо вынаходжанне «рэцэпту зменаў» надало амбітнай апазіцыі новыя сродкі барацьбы і заахвочвала кінуць выклік аўтарытарнай уладзе нават і ў менш спрыяльных умовах. Аднак з тым, як «узрастае ўплыў вонкавых прэцэдэнтаў, слабее з структурнага гледзішча падтрымка рэвалюцыяў на месцах»13. Электаральныя рэвалюцыі ў Сербіі, Грузіі і ва Ўкраіне мелі больш непрадказальны характар. Іх поспех залежаў не толькі ад унутрыпалітычных умоваў (напр., ад запатрабаванасці палітычных зменаў у грамадстве), але і ад сітуацыйных фактараў. Сярод апошніх — уменне палітычнай апазіцыі змяніць і прыстасаваць сцэнар рэвалюцыі да канкрэтных умоваў, мужнасць і гатоўнасць дэмакратычных лідэраў і актывістаў ісці на значна большую рызыку ў параўнанні са «звычайнымі» выбарамі і ўсё ў большай ступені — бяздзейнасць уладатрымальнікаў. Гэтыя сітуацыйныя фактары часткова кампенсавалі брак унутраных перадумоваў за больш аўтарытарнымі рэжымамі. Такія непрадказальныя трансфармацыі прывялі ў найлепшым выпадку да няпоўнай дэмакратызацыі.

Нарэшце, электаральныя змены пачынаюць больш залежаць ад «распаўсюду дэмакратычнай заразы», чым ад унутрыпалітычных перадумоваў. Апошнія выпадкі ў хвалі рэвалюцый характарызуюцца «падзеннем масавасці, ростам гвалту і меншай дэмакратызацыяй»14. Самая апошняя — рэвалюцыя цюльпанаў у Кыргызстане — добра ілюструе гэтую тэндэнцыю з гледзішча як дынамікі падзеяў, гэтак і вынікаў змены рэжыму. Калі б не ўкраінская Памаранчавая рэвалюцыя, якая пачалася за чатыры і скончылася за два месяцы да таго, як раз’юшаны натоўп скінуў Акаева, ён і дагэтуль, магчыма, заставаўся б прэзідэнтам Кыргызстана. Больш за тое, рэвалюцыя цюльпанаў кардынальна адрознівалася ад іншых зменаў рэжыму. Яна не была строга «электаральнай», бо апазіцыя не здолела пацвердзіць абгрунтаванасць сваіх прэтэнзіяў на ўладу ў рамках дэмакратычных працэдураў, і падзеі перараслі ў народнае паўстанне, калі за агульным бязладдзем відавочна забылася першапрычына канфлікту. Не дзіва, што з усіх краін, па якіх пракацілася хваля рэвалюцый, Кыргызстан застаецца найменш дэмакратычнай і стабільнай і цяпер амаль ужо сталася «няспраўджанай дзяржавай».

Эфект Дарвіна

Гэтая формула прыдатная для асэнсавання таго, чаму і дзе згасла хваля рэвалюцыяў і што прыйшло за ёю. Агулам можна зрабіць выснову, што хваля зменаў рэжыму ў выніку сталася закладніцай уласнага поспеху. Чым далей яна коціцца па краінах са слабейшымі ўнутрыпалітычнымі перадумовамі для зменаў, тым больш кожны новы пераварот залежыць ад цуду «дэмакратычнай заразы». Аднак настаў момант, калі яе чарадзейная моц вычхалася. На тое ёсць дзве прычыны.

Па-першае, пазнейшыя, «недаабумоўленыя», змены рэжымаў праходзілі больш гвалтоўна і прынеслі больш няпэўныя і хісткія вынікі (гэта датычыцца і якасці дэмакратыі, і ўзроўню ўнутрыпалітычнай стабільнасці і парадку). Таму яны наўрад ці могуць быць станоўчым, натхняльным прыкладам і ідэалам для грамадстваў у аўтакратыях. Першыя перамогі над аўтарытарнымі рэжымамі былі больш арганізаваныя і мелі больш яскравыя дэмакратычныя вынікі. Яны сталіся, перафразуючы Эдмунда Бэрка, «калыскамі новых рэвалюцыяў» менавіта таму, што хутка выявіліся «бацькамі ладу», то бок пачалі асацыявацца з парадкам, стабільнасцю і задалі новы, перспектыўны кірунак развіцця краіны. Пазнейшыя рэвалюцыі сталіся «бацькамі» няспынных канфліктаў і нестабільнасці, і таму ператварыліся ў «калыскі рэакцыі». Магчыма нават, што хаос падчас рэвалюцыі цюльпанаў у Кыргызстане дадаў пераканаўчасці антырэвалюцыйнай прапагандзе, якую вядуць аўтарытарныя лідэры і іх паплечнікі.

Па-другое, калі кожная наступная змена рэжыму ўсё больш залежыць ад збегу абставінаў, кожная новая электаральная перамога апазіцыі насцярожвае ўладатрымальнікаў у астатніх аўтакратыях. Тыя, адрозна ад лідэраў мякчэйшых рэжымаў, якія недаацэньвалі пагрозу з боку апазіцыі ці грамадзянскай супольнасці, усё лепш разумелі, як можа дзейнічаць супраць іх апазіцыя ў спадзеве прыйсці да ўлады. Такім чынам, «храналагічная несправядлівасць» дае адваротны ход: аўтакраты атрымліваюць магчымасць перадухіліць пераход улады, здушаючы рэвалюцыю ў зародку, раней чым апазіцыя арганізуецца і мабілізуецца на змену рэжыму.

Важна таксама, што здольнасць папярэджваць распаўсюд «дэмакратычнай заразы» дадалася да ўжо наяўных перавагаў, якія дазваляюць аўтакратам паспяхова выжываць. Гэта я і называю «эфектам Дарвіна»: «дэмакратычная зараза» спачатку выкрышталізоўвае папуляцыю рэжымаў, найбольш здольную супрацьстаяць ёй, і змушае іх рабіць дадатковыя захады, каб умацаваць і без таго вельмі моцную імунную сістэму. Таму спробы паўтарыць рэвалюцыі ў Азербайджане, Беларусі, Казахстане і ўдушаліся з надзвычайнай лёгкасцю. Адным словам, захады па перадухіленні рэвалюцый у гэтых краінах накладаліся на ўжо трывалы, кансалідаваны аўтакратызм.

Лукан Уэй трапна заўважае, што палітычны плюралізм на постсавецкай прасторы існаваў не ў выніку ўмацавання дэмакратыі, яе інстытуцыяналізацыі і «ўкаранення», а дзякуючы «няздольнасці дзейных кіраўнікоў утрымаць уладу і засяродзіць у сваіх руках палітычны кантроль, захоўваючы адзінства эліты, падпарадкаваўшы сабе правядзенне выбараў і СМІ і/ці ўжываючы гвалт супраць апанентаў»15. Краіны, дзе ўлада выявілася няздольнай да гэткіх захадаў, захавалі рысы канкурэнцыі ў сваіх палітычных сістэмах, што ўрэшце і дало штуршок электаральным рэвалюцыям. У тых краінах, дзе ніколі не існавала стрымак, якія б не дазвалялі аўтакратыі ўмацавацца ці дзе іх ліквідавалі на раннім этапе незалежнага існавання, «дэмакратычнай заразе» быў пастаўлены заслон. Можна спрачацца, ці сіла і слабасць аўтарытарызму структурная (то бок залежная ад гістарычных, культурных і прыродных чыннікаў) або абумоўленая выбарам шляху (то бок закладзеная на ранніх этапах посткамуністычнага развіцця лёсавызначальнымі падзеямі, якія акрэслілі яго інстытуцыйную будову і пераразмеркавалі ўладу так, каб не дапусціць замацавання аўтарытарызму альбо наадварот).

  1 З удзячнасцю Kathryn Stoner-Weiss. When the Wave Hits a Shoal: The Internal and External Dimensions of Russia’s Turn Away from Democracy // CDDRL Working Paper № 60. Stanford University, 2006.

2 Vitali Silitski. Has the Age of Revolutions Ended? // Transitions Online. 13 January 2005.

3 Levitsky, S.; Way, L. The Rise of Competitive Authoritarianism // Journal of Democracy. № 2 (April 2002). Р. 51—65; гл. таксама: Way, Lucan. Authoritarian State Building and the Sources of Regime Competitiveness in the Fourth Wave: The Cases of Belarus, Moldova, Russia, and Ukraine // World Politics. № 2 (January 2005). Р. 231—261.

4 Шевцова, Лилия // Оранжевая революция: Украинская версия. Москва: Европа, 2005. С. 231; гл. таксама: Way, Lucan. Kuchma’s Failed Authoritarianism // Journal of Democracy. № 2 (April 2005). Р. 131—145; McFaul, Michael. Transitions from Post-Communism // Journal of Democracy. № 3 (July 2005). Р. 5—19; Silitski, V. Different Authoritarianisms, Distinct Patterns of Change // Reclaiming Democracy: Civil Society and Electoral Change in Central and Eastern Europe. Bratislava: German Marshall Fund, 2007. Р. 155—174.

5 Silitski, Vitali. Has the Age of Revolutions Ended?

6 Гл.: McFaul. Transitions from Post-Communism.

7 Гл.: Huntington, Samuel. The Third Wave: Democratization in the Late 20th Century. Norman: University of Oklahoma Press, 1991.

8 Bunce, Valerie; Wolchik, Sharon. Defining and Domesticating the Electoral Model: A Comparison of Slovakia and Serbia // CDDRL Working Paper No. 61, Stanford University. June, 2006. Р. 4.

9 Beissinger. Structure and Example in Modular Political Phenomena: The Diffusion of Bulldozer/Rose/Orange/Tulip Revolutions. (PDF)

10 Beissinger. С. 4.

11 Beissinger. Тамсама.

12 Whitehead, Lawrence. Three International Dimensions of Democratization // Lawrence Whitehead, ed. The International Dimensions of Democratization. Europe and Americas. Oxford University Press, 2001.

13 Bunce, Valerie; Wolchik, Sharon. International Diffusion and Postcommunist Electoral Revolutions // Communist and Postcommunist Studies. № 3 (September 2006). Р. 283—304.

14 Тамсама.

   
Было спаўзанне да аўтарытарызму Расіі, Беларусі, Азербайджана і Казахстана — постсавецкіх краін, што пачыналі сваё незалежнае існаванне як плюралістычныя дзяржавы, заканамернасцю або выпадковасцю, для нас ня так істотна. Галоўнае ў тым, што іх уладатрымальнікі (разам з першымі асобамі Ўзбекістана, Таджыкістана і Туркменістана, дзе адразу не прыжыўся палітычны плюралізм) назапасілі патэнцыял кантролю і прымусу, які дазволіў ім адолець «дэмакратычную заразу». Важна тое, што ўсе рэпрэсіўныя, ці «несвабодныя», краіны былога Савецкага Саюзу аб’ядноўвае заканадаўча аформленая амаль неабмежаваная прэзідэнцкая ўлада, то бок інстытуцыяналізаваная звышпрэзідэнцкая форма кіравання. Неістотна, каму спрыяла персаналізацыя ўлады ў постсавецкіх краінах: былым сакратарам партыі або ўчорашнім дэмакратам-рамантыкам з рэфармісцкімі памкненнямі. Галоўнае, што яна зменшыла выдаткі, зьвязаныя з засяроджваннем у руках дзейнага кіраўніка дзяржавы кантролю над інстытутамі, рэсурсамі і ўладнымі структурамі. Больш за тое, персаналізацыя дазволіла ім абмежаваць палітычную канкурэнцыю і такім чынам звузіць прастору, у якой могуць правамоцна развівацца палітычныя інстытуты і дзейныя фігуры, асабліва апазіцыйныя рэжыму.

Рэпрэсіўны характар улады і яе персаналізацыя не застрахоўваюць назаўжды ад рэвалюцыі, бо звышрэпрэсіўныя рэжымы пры пэўных умовах могуць справакаваць адваротную рэакцыю, якая пераадольвае рэпрэсіі. Гэта вядзе да надзвычай гвалтоўных, бурлівых трансфармацыяў, далёкіх ад «цывілізаванай, канстытуцыйнай электаральнай рэвалюцыі»16. Калі ў такіх краінах адбудзецца змена рэжымаў, хутчэй за ўсё, яе выкліча аслабленне рэпрэсіўнага патэнцыялу ўлады, калі рэжым пачне страчваць інфраструктурную знітаванасць. Магчыма, некаторыя рысы гэтага сцэнару можна ўбачыць у апошняй, на зыходзе хвалі, змене рэжыму. Рэвалюцыя ў Кыргызстане, як ужо адзначалася, не «электаральная»17 ў строгім сэнсе слова, бо апазіцыя не здолела пацвердзіць легітымнасць сваіх прэтэнзіяў на ўладу праз вынікі выбараў. Апаненты Акаева проста скарысталіся са слабасці і паралюшу рэжыму, справакаванага эканамічным і сацыяльным заняпадам краіны.

Аднак далёка ня ўсім посткамуністычным аўтакратыям уласцівая інфраструктурная слабасць. Насамрэч узровень рэпрэсіўнасці суадносіцца з магчымасцю забяспечыць пэўную эканамічную стабільнасць і грамадскую еднасць. Лічыцца, што эканамічныя фактары «неістотныя» для каляровых рэвалюцыяў, бо яны здараліся як падчас эканамічных уздымаў, гэтак і крызісаў18. Тым не менш, кароткі агляд сукупных эканамічных тэндэнцыяў за апошняе дзесяцігоддзе дае зусім іншую карціну.

Па стане на 2006 г. шэсць дзяржаваў пераўзышлі ўзровень ВУП 1991 г. (Арменія, Азербайджан, Беларусь, Казахстан, Узбекістан) ці амаль дасягнулі яго (Расія). Такім чынам, практычна ва ўсіх краінах з моцнымі эканамічнымі паказнікамі на сённяшні дзень усталяваныя рэпрэсіўныя рэжымы. Адзінае выключэнне — Арменія — (не)выпадкова найменей свабодная краіна сярод часткова свабодных былых рэспублік СССР. У спісе тых, каму далёка да пераадолення наступстваў эканамічнага заняпаду 1990-х, — усе тры краіны, дзе адбыліся рэвалюцыі: Грузія, Украіна, Кыргызстан — і толькі адна «несвабодная» дзяржава (Таджыкістан). У святле доўгатэрміновых тэндэнцый эканоміка выяўляецца-такі фактарам, які ўплывае на палітычныя трансфармацыі і стабільнасць. Гэта датычыць і ўстойлівых да «дэмакратычнай заразы» аўтакратый, і краін, дзе адбыліся каляровыя рэвалюцыі. У першых дзяржаўная прапаганда прыўзносіла эканамічны рост і стабільнасць, асабліва ў параўнанні з «рэвалюцыйнымі» краінамі. У другіх нарастала варожасць грамадства да ўладатрымальнікаў, выкліканая незадаволенасцю, назапашанай за доўгі час іх кіравання.

Табліца 2. Рост ВУП у краінах СНД, у %, 1991=100.

1992 1993 1994 1995 1996 1997 1998 1999 2000 2001 2002 2003
Украіна 90,1 77,3 59,6 52,3 47,1 45,7 44,8 44,7 47,4 51,7 54,4 59,6
Грузія 55,1 39 34,9 35,8 39,8 44 45,4 46,7 47,5 49,8 52,5 58,4
Малдова* 71 70 48 48 45 46 43 41 42 45 48 51
Кыргызстан 86,1 72,8 58,1 55 58,9 64,7 66,1 68,5 72,2 76,1 76,1 81,4
Арменія 58,2 53,1 55,9 59,8 63,3 65,4 70,2 72,5 76,8 84,2 95,3 108,6
Расія 85,5 78,1 68,1 65,4 63 63,9 60,5 64,4 70,8 74,4 77,9 83,6
Таджыкістан* 70 59 46 41 34 34 36 38 41 45 49 55
Азербайджан 77,4 59,5 47,8 42,2 42,7 45,2 49,7 53,3 59,3 65,1 72 80,1
Казахстан 94,7 86 75,2 69 69,3 70,5 69,2 71 78 88,5 97,2 106,3
Беларусь 90,4 83,5 73,8 66,1 67,9 75,7 82 84,8 89,7 94 98,7 105,6
Узбекістан 88,9 86,9 82,3 81,6 83 87,3 91,1 95 98,6 102,7 106,8 111,5
Туркменістан
Крыніца: Статыстычны камітэт СНД.
Тлустым шрыфтам — плюралістычныя дзяржавы,
курсівам — часткова свабодныя, звычайным — рэпрэсіўныя.
*Freedom House, 2005.

Моцная аўтарытарная ўлада як прычына эканамічных поспехаў — тэза досыць спрэчная, хоць нельга цалкам адмаўляць сувязь паміж імі. Тым не менш, і аўтарытарызм, і адносныя эканамічныя дасягненні могуць вынікаць з аднаго і таго ж фактару. Свабодныя і рэпрэсіўныя постсавецкія дзяржавы адрозніваюцца тым, якую ролю адыгрываюць у іх нацыянальнай эканоміцы прыродныя рэсурсы. Ва ўсіх свабодных краінах доля энерганосьбітаў у структуры экспарту мінімальная. За выключэннем Таджыкістана і Ўзбекістана19, эканоміка найбольш рэпрэсіўных рэжымаў моцна залежыць ад экспарту нафты і газу, а самыя плюралістычныя краіны залежаць ад іх імпарту20.

  15 Way, L. Authoritarian State Building. Р. 232.

16 Silitski, Vitali. Beware of the People // Transitions Online. 31 March 2005.

17 Такім чынам, Кыргызстан уяўляе з сябе выключэнне, што пацвярджае правіла: рэвалюцыя ў адзінай несвабоднай краіне ва ўсёй хвалі кардынальна адрознівалася ад агульнага сцэнару электаральнай змены рэжыма.

18 McFaul, Michael. Transitions from Post-Communism.

   
Прычынная сувязь паміж залежнасцю ад рэсурсаў і аўтарытарнай уладай добра даследаваная і падмацаваная мноствам фактаў. Залежнасць нацыянальнай эканомікі ад адзінага віду рэсурсаў можа стварыць у перспектыве сур’ёзныя праблемы для эканомікі і грамадства. Але пакуль кошты на энерганосьбіты растуць у геаметрычнай прагрэсіі, дадзеныя праблемы не выявяцца (ці, прынамсі, не выклічуць сур’ёзнай сацыяльнай напружанасці). Падобны рост назіраўся на пачатку і ў сярэдзіне 2000-х гг. Яго пік прыблізна супаў у часе са згасаннем хвалі электаральных рэвалюцыяў і актывізацыяй захадаў супраць «дэмакратычнай заразы» з боку рэпрэсіўных рэжымаў. Бясспрэчна, што рост коштаў на нафту дапамог кіраўнікам багатых рэсурсамі рэпрэсіўных краінаў захаваць унутранае адзінства ўлады і задаволенасць грамадства наяўным status quo.

Табліца 3. Залежнасць постсавецкіх краінаў ад экспарту энерганосьбітаў
  Доля энерганосьбітаў у экспарце, 2005, % Доля імпарту ў энергетычным балансе,*** % FH*
Украіна 9 43.01 2,5
Грузія 4 86.44 3
Малдова 2 98.13 3,5
Арменія 3 65.47 4,5
Кыргызстан 19 48.67 4,5
Азербайджан 82 -61.32 5,5
Казахстан 65 -111.77 5,5
Расія 50 -73.03 5,5
Таджыкістан n/a 54.5 5,5
Беларусь 27 49.54 6,5
Туркменістан 80* -240.35 7
Узбекістан 10** -6.66 7
Крыніца: World Bank World Development Indicators, 2005.
* Крыніца: World Bank.
** 2003. Крыніца: wikipedia.org.
*** Адмоўная велічыня адлюстроўвае суадносіны экспарту энерганосьбітаў і агульнага спажывання энергіі.

Рэгіянальны эфект

Аналіз прычынаў згасання хвалі каляровых рэвалюцый і нечаканага спынення «дэмакратычнай заразы» будзе няпоўным, калі не браць пад увагу рэгіяналізму, то бок «дачыненняў паміж унутраным палітычным працэсам і каштоўнасцямі ды нормамі, якія пераважаюць у дадзеным рэгіёне»21. Рэгіяналізм шмат у чым адрозны ад распаўсюду «дэмакратычнай заразы». Строга кажучы, эпідэмія дэмакратызацыі можа разгарэцца і згаснуць, а рэгіянальная прыналежнасць — структурны фактар, які ніколі не знікне і мае доўгатэрміновыя наступствы для палітычнага жыцця краіны незалежна ад вынікаў палітычнай барацьбы на дадзеным этапе. Так гістарычна склалася, што міжнародны аспект палітычных трансфармацыяў (як дэмакратычных, гэтак і аўтарытарных) характарызуецца феноменам «пераймання суседзяў». Паміж суседнімі краінамі назіраецца тэндэнцыя да збліжэння палітычных сістэм, прычым як у бок дэмакратыі, гэтак і аўтарытарызму22.

Але як дакладна вылучыць рэгіён (ці рэгіёны) посткамуністычнай прасторы? Ці можна па-ранейшаму разглядаць увесь абсяг ад Прагі да Ўладзівастока як адзіны рэгіён толькі на падставе агульнага камуністычнага мінулага? Усё ж пасля падзення камуністычнай сістэмы краіны, што ў яе ўваходзілі, абралі дыяметральна супрацьлеглыя шляхі23. Калі і існуе такая з’ява, як «посткамуністычны рэгіён», дык гэта насамрэч вялізны і выключна разнастайны геаграфічна і культурна абсяг, падзелены на мноства частак, падпарадкаваных сваёй непрадказальнай рэгіянальнай геаметрыі і геапалітычнаму супрацьстаянню. Найважнейшы аргумент супраць таго, каб разглядаць усю посткамуністычную прастору як адзін рэгіён — сувязь паміж геаграфічным становішчам краіны і яе шанцамі на ўваходжанне ў Еўрасаюз. Таму рэгіянальны ціск у бок дэмакратызацыі быў наймацнейшым і найбольш відавочным у Славакіі, Харватыі і, з пэўнымі агаворкамі, у Сербіі. Ва ўсіх гэтых краінах да ўнутраных перадумоваў для змены рэжыму дадавалася прыналежнасць да зоны пашырэння Еўразвязу. Геаграфічнае становішча ахоўвала гэтыя краіны ад іншых рэгіянальных уплываў, якія маглі б спыніць дэмакратызацыю. Самое месцазнаходжанне гэтых краінаў спрасціла аказанне міжнароднай дапамогі дэмакратычным сілам і грамадзянскай супольнасці24. Менавіта ў такім надзвычай спрыяльным для дэмакратызацыі рэгіянальным асяродку і ўзнікла мадэль электаральных рэвалюцыяў.

Аднак чаму яна тады так далёка зайшла? Калі хваля рэвалюцыяў дасягнула краінаў былога СССР, на палітычныя працэсы пачала ўплываць больш складаная рэгіянальная геаметрыя. Чым далей кацілася хваля, тым больш рэгіянальны чыннік рабіўся хвалярэзам дэмакратызацыі. Прычына ў тым, што рэгіёны можна вызначаць як паводле «жорсткіх» крытэраў (геаграфія, натуральны лад і палітычная сістэма, інстытуцыі, гандлёвыя шляхі і трубаправоды), гэтак і «мяккіх» (уяўленні, успрыманне). Палітычная барацьба на посткамуністычнай прасторы часта абвастраецца змаганнем паміж рознымі версіямі самавызначэння. Аднясенне нацыі да Еўропы, Захаду, ці, скажам, да Еўразіі, славянскага свету — гэта палітычнае цверджанне, важны сродак мабілізацыі людзей і легітымацыі палітычных мэтаў як апалагетаў, гэтак і праціўнікаў нядаўніх зменаў рэжыму. Дэмакратычная апазіцыя ва Ўкраіне і Грузіі, як на некалькі гадоў раней у Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе, здолела скарыстаць ідэю «далучэння да Еўропы» як фактар мабілізацыі і легітымацыі25. Апазіцыя прапаноўвала грамадству не рэальную перспектыву еўрапейскай інтэграцыі, а хутчэй мару, можа нават і ілюзію, калі ўлічваць, што Еўрасаюз не плануе далейшага пашырэння на постсавецкія краіны. Аднак прывабная ілюзія несла ў сабе неверагодны мабілізацыйны патэнцыял, і ён захоўваўся, пакуль збольшага не акрэсліліся канчатковыя межы пашырэння Еўрасаюза. Больш за тое, агульнае камуністычнае мінулае спрыяла захаванню ідэі пра адзіны посткамуністычны рэгіён сярод тых, хто найбольш прагнуў скасавання яго «жорсткай» формы. У дэмакратычных актывістаў рэгіёну ёсць асаблівае адчуванне братэрства. У іх выпрацаваўся маральны абавязак дапамагаць блізкім і далёкім суседзям у барацьбе за дэмакратыю. Палітычныя падзеі ў Кыргызстане хвалявалі чэскіх актывістаў, а грузінскія дэмакраты пераймалі досвед і чэрпалі натхненне ў сваіх сербскіх калегаў. А вось аўтакраты, за адным значным выключэннем, страцілі гэтае адчуванне рэгіянальнага адзінства26. Ім спатрэбіўся час і ўяўленне, каб зразумець, што падзеі на Балканах могуць паўплываць на будучыню Каўказу ці Сярэдняй Азіі. Адчуванне адзінства вярнулася толькі пасля таго, як хваля рэвалюцый перасягнула мяжу і перакінулася на «крытычную», паводле тэрміналогіі Лары Дайманда, дзяржаву (для былога СССР гэта, безумоўна, была Ўкраіна)27.

Але, падобна нацыям, рэгіёны не могуць існаваць як уяўленыя супольнасці без належнай арганізацыі і інстытуцыяналізацыі. Відавочна, што чым далей кацілася хваля рэвалюцыяў, тым цяжэй было агітаваць за змену рэжыму, прапаноўваючы ідэю «далучэння» да вялікага, заможнага, бяспечнага і дэмакратычнага рэгіёну. Больш за тое, геаграфія, а дакладней, аддаленне ад дэмакратычнай Еўропы рабіла працу энтузіястаў рэвалюцыі ў новых дзяржавах больш складанай, калі не наагул бесперспектыўнай. Яшчэ больш важна, што хваля электаральных рэвалюцый дапамагла выкрышталізавацца і вызначыць свае новыя межы арэалу постсавецкіх аўтакратыяў як аўтарытарнаму рэгіёну, дзе застаецца ўсё меней шанцаў на новыя змены рэжыму ці на замацаванне дасягнутых дэмакратычных пераўтварэнняў.

Крышталізацыя і перавызначэнне межаў адлюстраваліся ў двух працэсах. Першы — замацаванне аўтарытарнай гегемоніі Расіі ў рэгіёне і яе новая, больш агрэсіўная рэгіянальная палітыка. Расійскія палітычныя эліты вырашылі, што вяртанне Расіі статусу вялікай дзяржавы і аднаўленне яе дамінавання на прасторы былога СССР залежыць ад таго, ці будзе спыненая хваля дэмакратызацыі. Гэтае самасцвярджэнне Расіі, вядома, не азначала поўнага адраджэння стасункаў цэнтр — перыферыя ў іх ранейшым выглядзе. (За камуністычнай сістэмай цэнтр душыў спробы палітычных рэформаў у краінах-сатэлітах Савецкага Саюзу, пакуль крызіс не разарваў на кавалкі самую метраполію і крах усёй сістэмы зрабіўся непазбежным.) Вось чаму некаторыя косткі даміно рэвалюцый упалі насуперак волі рэгіянальнага гегемона. Тым не менш, «жорсткія» і «мяккія» інтрументы ўлады, якімі валодае Крэмль у дачыненнях са сваімі суседзямі, дазволілі Расіі ператварыць краіны, дзе перамаглі дэмакратычныя рэвалюцыі, у поле цяжкой для прыхільнікаў змен бітвы з сіламі рэакцыі. Стан вайны не толькі замінае ўмацаванню дэмакратыі ў гэтых краінах, але і не дазваляе ім стаць «калыскамі новых рэвалюцыяў».

Другі працэс — усё большае ўсведамленне з боку аўтарытарных лідэраў, што ім супрацьстаяць сілы, якія ва ўсё большай ступені ўздымаюцца па-над нацыянальнымі межамі, і таму аўтакратам будзе карысна аб’яднаць свае высілкі. У выніку яны пачалі каардынаваць свае дзеянні, каб стварыць нешта накшталт агульнага фронту супраць далейшых зменаў рэжымаў і непажаданага ўплыву звонку, які спрыяе рэвалюцыйнай дзейнасці. За гэтай «арганізацыяй калектыўнай бяспекі» замацавалася мянушка «аўтарытарны інтэрнацыянал»28, хоць дакладней было б назваць яго «аўтарытарнай канвергенцыяй», бо гэта працэс, які працякае ў цяперашні час, але яшчэ не сфармаваны інстытут. Хоць аўтарытарная канвергенцыя спарадзіла новыя партнёрскія саюзы, яна ў значнай ступені абапіралася на ўжо наяўныя кантакты, якія атрымалі новае напаўненне і прызначэнне. Такім чынам, контррэвалюцыйныя ідэі сталі вызначаць кантэкст дзейнасці такіх структур, як Саюз Расіі і Беларусі, СНД, Арганізацыя Дамовы Калектыўнай Бяспекі (АДКБ) і Шанхайская Арганізацыя Супрацоўніцтва (ШАС). Такое ўзаемадзеянне і каардынацыя высілкаў не абмежаваныя краінамі былога Савецкага Саюзу (ці нейкім іншым рэгіёнам). Яны набываюць сапраўды міжнародныя маштабы — пра гэта сведчыць узаемнае прыцягненне лідэраў-аднадумцаў з Лацінскай Амерыкі, Бліжняга Ўсходу і Ўсходняй Азіі, роўна як наладжванне трывалых эканамічных і вайсковых сувязяў паміж некаторымі краінамі былога СССР і, напрыклад, Венесуэлай і Іранам.

  19 Безумоўнае выключэнне — Таджыкістан. Узбекістан мае адносна малую долю энерганосьбітаў у структуры экспарту, але, тым не менш, мае багатыя запасы нафты і газу. Мала таго, у структуры ўзбецкага экспарту вялікая доля прыпадае на золата. Гэта дазваляе назваць эканоміку краіны залежнай ад экспарту сыравіны. Яшчэ адно выключэнне, якое пацвярджае правіла, — Беларусь, хоць яна і не мае сваіх запасаў нафты і газу. Дзякуючы асаблівым стасункам з Расіяй, Беларусь з нядаўняга часу ператварылася ў экспарцёра нафтапрадуктаў. Менавіта таму доля энерганосьбітаў у структуры экспарту краіны дасягнула ў 2005 г. 27%. Нягледзячы на тое, што гэты паказнік адлюстроўвае рээкспарт імпартаванай з Расіі і перапрацаванай нафты ў краіны Еўрапейскага Звязу, нафтавы фактар мае такі самы ўплыў на палітэканомію Беларусі, як і ў выпадку з «сапраўднымі» нафтавымі дзяржавамі.

20 Ambrosio, Thomas. The Political Success of Russia-Belarus Relations: Insulating Minsk from a Color Revolution // Демократизация. № 3 (Summer 2006): Р. 407—434. Р. 409.

21 Ambrosio, Thomas. Тамсама.

22 Brinks, Daniel; Coppedge, Michael. Diffusion is No Illusion: Neighbour Emulation in the Third Wave of Democracy // Comparative Political Studies. № 4 (May 2006). Р. 463—489.

23 Дастаткова сказаць, што ацэнкі Freedom House вагаюцца ад 1.1 для Чэхіі і Эстоніі да 7.0 для Ўзбекістана і Туркменістана. Такім чынам, былыя камуністычныя краіны можна знайсці сярод і найбольш свабодных, і найбольш рэпрэсіўных, і па ўсім спектры.

24 Нават у Сербіі, дзе Мілошавіч паспяхова ізаляваў краіну напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2000 г. Возьмем, напрыклад, адносную лёгкасць вяшчання ці наладжвання працы замежнага апазіцыйнага цэнтру з суседняга Будапешта ў параўнанні з лагістычнымі праблемамі, што ўзніклі б дзе-небудзь у Сярэдняй Азіі.

25 Іх апаненты выкарыстоўваюць альтэрнатыўныя праекты «Рускага свету», «Еўразіі», «Усходнеславянскай цывілізацыі», каб легітымаваць свае палітычныя мэты.

26 Выключэнне — прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, які сябраваў з памерлым Слабаданам Мілошавічам. Гл.: Silitski, Vitali. Preempting Democracy: The Case of Belarus // Journal of Democracy. № 4 (October 2005).

27 Diamond, Larry. Democratic Recession, Unpublished manuscript. Гл. таксама: Gershman, Carl; Allen, Michael. The Assault on Democracy Assistance // Journal of Democracy. № 2 (2006). Р. 36—51.

   
Больш за тое, крышталізацыю рэгіёна аўтарытарызму паскорылі вонкавыя падзеі, якія адбыліся тады, калі рэвалюцыйная хваля разбівалася аб берагі трывалых аўтакратыяў былога СССР. Першым здарэннем сталася непрыняцце Еўрапейскай канстытуцыі на рэферэндумах у Францыі і Нідэрландах улетку 2005 г. Неўзабаве Еўрапейскі Саюз вырашыў канчаткова вызначыць межы свайго магчымага пашырэння. Гэта перакрэсліла надзеі некалькіх краін былога СССР на далучэнне да Еўрасаюзу. У практычным ракурсе закрыццё дзвярэй у Еўрасаюз моцна змяншае «мяккія» і «жорсткія» механізмы дэмакратызацыі, якімі валодаў Еўрасаюз, і аўтаматычна павялічвае здольнасць Расіі і Аўтарытарнага Інтэрнацыяналу падтрымліваць аўтарытарныя тэндэнцыі ў рэгіёне. Другі вонкавы фактар — хуткае памяншэнне палітычнай і вайсковай прысутнасці ЗША ў рэгіёне і яшчэ хутчэйшая страта Злучанымі Штатамі мяккіх механізмаў уплыву як у рэгіёне, гэтак і па ўсім свеце. (Апошняе сталася вынікам няўдалае вайны з тэрарызмам і, у прыватнасці, правальных спробаў дэмакратызаваць Ірак.) Хоць амерыканская прысутнасць не заўсёды спрыяла дэмакратызацыі29. знікненне геапалітычнага плюралізму ў доўгатэрміновай перспектыве адмоўным чынам адаб’ецца на здольнасці ЗША прасоўваць дэмакратыю. Трэці вонкавы фактар — хуткі рост коштаў на энерганосьбіты. Вышэйзгаданая амаль абсалютная адпаведнасць паміж наяўнасцю прыродных рэсурсаў і тыпам палітычнага рэжыму ў рэгіёне (дый ва ўсім свеце)30 не толькі ўмацоўвае здольнасць рэпрэсіўных рэжымаў падтрымліваць унутранае адзінства і стабільнасць. Яна робіць цалкам неэфектыўным такі моцны стымул дэмакратызацыі, як умовы аказання эканамічнай і гуманітарнай дапамогі. Больш за тое, звышпрыбыткі ад продажу энерганосбітаў дазваляюць рэпрэсіўным нафтавым імперыям падтрымліваць сатэлітаў і сяброў, якія трапілі ў нялёгкае становішча. І нарэшце, пострэвалюцыйныя краіны структурна залежаць ад аўтакратыяў, бо імпартуюць жыццёва неабходныя рэсурсы. Таму Расія (а таксама і большасць краінаў аўтарытарнага інтэрнацыяналу) атрымлівае сродкі ўплыву, шантажу і прымусу, каб перадухіляць распаўсюд дэмакратыі31, умешвацца ва ўнутраную палітыку залежных краінаў і не дапушчаць непажаданых змен геапалітычнай арыентацыі.

Апераджальны аўтарытарызм

Папярэджанне «дэмакратычнай заразы» сталася гэткай жа мадэльлю ў палітычным працэсе, як і самі электаральныя рэвалюцыі. У нападах на дэмакратычную апазіцыю гэтак жа прысутнічае эфект «снежнага камяка», ці «пераймання»32 (калі заканадаўства ці практыку, прынятую рэжымам адной краіны, капіююць іншыя), як і адчуванне аўтакратаў, што яны робяць «адну справу»33. Простая храналогія падзеяў сведчыць: занепакоенасць самой наяўнасцю такіх элементаў плюралізму, як незалежныя НУА, рэшткі свабодных СМІ і прадстаўніцтвы заходніх арганізацыяў, што спрыяюць прасоўванню дэмакратыі, у еўразійскіх аўтакратаў з’явілася пасля Памаранчавай рэвалюцыі ва Ўкраіне. Пры гэтым будзе няслушна меркаваць, што хвалю апераджальных кампаніяў выклікалі адно каляровыя рэвалюцыі. Захады, скіраваныя на недапушчэнне распаўсюду дэмакратыі, насамрэч былі для аўтакратычнай улады ў розных краінах былога СССР штодзённай працай, бо іх канцэпцыя склалася яшчэ да накату хвалі рэвалюцый і здзяйснялася б у любым выпадку34. Тым не менш, антырэвалюцыйная ліхаманка бясспрэчна матывавала ўлады аўтарытарных краінаў не цягнуць з адпаведнымі захадамі. Апераджальныя напады яшчэ больш умацавалі і гэтак трывалыя аўтарытарныя рэжымы. Таму наступныя дзеянні па абмежаванні палітычнага плюралізму па сутнасці толькі завяршалі даўно распачатую справу. Пры гэтым апераджальныя напады на апазіцыю, незалежныя СМІ і грамадзянскую супольнасць, без сумневу, падстрахоўвалі ўладатрымальнікаў у Азербайджане, Беларусі, Расіі і Казахстане ад рэвалюцый.

Некаторыя захады па абмежаванні дзейнасці незалежных СМІ сапраўды былі часткай звычайнай практыкі35. Іншыя не мелі дачынення да электаральных рэвалюцыяў, але таксама палягалі на страху перад «дэмакратычнай заразай». Так, ва Ўзбекістане затрымалі ці выслалі з краіны шмат замежных журналістаў у сувязі з падзеямі ў Андыжане — урад Карымава ўбачыў у іх дзейнасці спробу рэвалюцыі ці дзяржаўнага перавароту. У іншых краінах ціск адбываўся перад выбарамі і меў больш выразны апераджальны характар. Напрыклад, у снежні 2005 г., перад прэзідэнцкімі выбарамі ў Казахстане, дзяржаўныя друкарні адмовіліся выпускаць вядучыя незалежныя газеты. Урэшце іх пагадзіліся друкаваць у друкарні, якая належала дачцэ прэзідэнта Назарбаева, але пад умовай папярэдняга прагляду (па сутнасці, цэнзуры). Падобным чынам у 2006 г. з шапікаў і падпісных каталогаў у Беларусі амаль цалкам знікла апазіцыйная прэса. Адбылося гэта за некалькі месяцаў да прэзідэнцкіх выбараў. Падкантрольныя ўладам СМІ таксама ўдасканальвалі майстэрства інфармацыйнай драматургіі: яны ладзілі маштабныя кампаніі, малюючы жахлівыя карціны магчымага рэвалюцыйнага хаосу і гвалту, ад якога маглі выратаваць толькі наяўныя ўлады і іх палітыка «стабільнасці»36. У Азербайджане і Беларусі важным элементам кампаніі па запалохванні электарату і таўраванні апазіцыі як экстрэмістаў і «адмарозкаў» было шырокае асвятленне тэлебачаннем «спробаў дзяржаўнага перавароту»37 і арыштаў апанентаў улады і актывістаў грамадзянскай супольнасці з пачкамі грошай з Захаду на арганізацыю рэвалюцыі.

Абмежаванне дзейнасці незалежнага грамадскага сектару і ціск на арганізацыі, якія садзейнічаюць прасоўванню дэмакратыі ў рэпрэсіўных краінах СНД, выразна дыктаваліся страхам перад «рэвалюцыйнай заразай». Неабходна адзначыць, што раней рэпрэсіўныя постсавецкія рэжымы актыўна абмяжоўвалі палітычную канкурэнцыю, але пры гэтым многія з іх (у т. л. дзяржавы Сярэдняй Азіі) трывалі заўважную прысутнасць замежных НУА, некаторыя з якіх шчыльна займаліся прасоўваннем дэмакратыі. Напрыклад, прадстаўніцтвы Freedom House вялі актыўную дзейнасць у Сярэдняй Азіі да 2005 г., калі іх выкінулі з рэгіёну пасля жорсткіх заяваў аб масавых забойствах у Андыжане38. У Расіі прыняцце ў снежні 2005 г. новага закону аб НУА, які значна ўскладніў дзейнасць грамадзянскай супольнасці і рэзка абмежаваў яе фінансаванне з-за мяжы, адкрыта тлумачылі неабходнасцю не дапусціць электаральнай рэвалюцыі паводле ўкраінскага сцэнару. Яшчэ больш жорсткія абмежаванні на дзейнасць НУА ўвялі падчас прэзідэнцкіх кампаній у Казахстане (пад выглядам антытэрарыстычных законаў)39 і асабліва ў Беларусі (дзе стварэнне незарэгістраванай арганізацыі пагражае трыма гадамі зняволення)40. У Таджыкістане прыняцце новых палажэнняў, якія значна абмежавалі кантакты замежных дыпламатаў і СМІ з прадстаўнікамі таджыцкіх НУА, таксама супала з выбарчай кампаніяй у пачатку 2005 г. У Азербайджане, Беларусі і Казахстане кампаніі супраць НУА ў асноўным засяродзіліся на ціску на моладзевыя апазіцыйныя групы, якія ўлады падазравалі ў перайманні дзейнасці моладзевых рухаў у Сербіі («Отпор»), Грузіі («Кхмара») і Ўкраіне («Пора»), што адыгралі важную ролю ў прыцягненні да вулічных акцыяў шырокіх масаў людзей, асабліва моладзі, падчас выбарчых кампаніяў і электаральных рэвалюцыяў41.

Скіраванасць апераджальных захадаў на НУА і міжнародныя арганізацыі па прасоўванні дэмакратыі можа здзівіць некаторых аналітыкаў, якія лічаць, што гэтыя чыннікі спрыяюць электаральнай рэвалюцыі, але не вызначаюць яе поспех. Аднак такі падыход не ўлічвае менталітэту постсавецкіх аўтакратаў. У зменах рэжыму, якія яны мелі магчымасць назіраць з першага шэрагу партэру, ім бачацца перш за ўсё спланаваныя за мяжой акцыі, а не выяўленне волі народу. Больш за тое, у трывалых аўтакратыях ужо не заставалася амаль ніякіх іншых значных мэтаў для сістэмных апераджальных дзеяў.

Апроч НУА, ціск зазналі ўсе апазіцыйныя дзеячы і арганізацыі, якія маглі паспрыяць электаральнай змене ўлады ў рэпрэсіўных дзяржавах СНД. Палітычны прыгнёт прымаў формы запалохвання, арыштаў, пазбаўлення волі палітычных апанентаў, падрыву арганізацыйных здольнасцяў апазіцыі. Гэткую стратэгію праводзілі ўсе аўтакратычныя рэжымы, але найбольш жорсткія захады супраць апазіцыі прымалі ўлады тых краін, дзе набліжаліся вызначальныя выбары. Напрыклад, у 2005 г. была забароненая найбольш уплывовая апазіцыйная партыя Казахстану ДВК (Дэмакратычны Выбар Казахстану). Гэта адбылося праз некалькі месяцаў пасля Памаранчавай рэвалюцыі, калі партыя абвясціла пра свой намер дзейнічаць на ўзор украінскіх дэмакратаў. Апроч таго, улады Казахстану прынялі новы закон, які рабіў фактычна немагчымым заснаванне новых партыяў (для рэгістрацыі партыя павінна мець не менш за 50 тысячаў чальцоў). Беларускіх апазіцыйных лідэраў, вядомых арганізацыяй вулічных акцыяў, прыбралі з палітычнае сцэны, узбудзіўшы супраць іх крымінальныя справы. Былі прынятыя дадатковыя юрыдычныя нормы, якія неверагодна абмежавалі дзейнасць апазіцыйных партый, каб не даць ім паўплываць на выбарчы працэс. Змены ў Выбарчы кодэкс, прынятыя парламентам РФ у 2005 г., падвысілі парог прахаджэння ў парламент для партыяў з 5 да 7 %. Гэта істотна знізіла шанцы незалежных ад Крамля партый трапіць у Дзярждуму. Многія эксперты ўгледзелі ў гэтым падрыхтоўку маскоўскіх уладаў да выбараў 2007 і 2008 гг., каб гарантаваць уладзе спакойнае правядзенне любога праекта «пераемнік», які б яна ні задумала. У Азербайджане ўрад прэзідэнта Ільхама Аліева пад міжнародным ціскам прыняў нормы, якія зрабілі выбары больш празрыстымі, свабоднымі і дэмакратычнымі. Але ўлады кампенсавалі свае страты жорсткім запалохваннем апазіцыі (збіваннямі, ператрусамі, зрывамі мітынгаў і дэманстрацый) перад выбарамі ў парламент у 2005 г.

Зрыў незалежнага назірання за выбарамі ажыццяўляўся пры дапамозе ціску на назіральнікаў, прававых абмежаванняў іх працы, апераджальных арыштаў і перашкодаў маніторынгу падчас выбараў. Так, у Азербайджане ў кастрычніку 2005 г. паліцыя прымусова выдаліла назіральнікаў менавіта з тых участкаў, дзе перавагу мела апазіцыя42. У Беларусі за месяц да прэзідэнцкіх выбараў, у лютым 2006 г., улады знішчылі найбуйнейшую недзяржаўную ініцыятыву па назіранні за выбарамі — «Партнёрства». Лідэраў арганізацыі арыштавалі перад аб’ектывамі камер і абвінавацілі ў планаванні тэрарыстычных актаў. Апераджальная прапаганда, не менш дзейсная за самі фізічныя захады, абвесціла, што назіральнікі займаюцца незаконнай падрыўной дзейнасцю. Вельмі часта саміх незалежных назіральнікаў абвінавачвалі і ў намаганні сфальсіфікаваць вынікі выбараў на карысць апазіцыі. З іншага боку, трансляцыі з выбарчых участкаў суправаджаліся шматлікімі і аб’ёмнымі каментарамі назіральнікаў ад падкантрольных уладам арганізацый, якія колькасна значна пераважалі незалежных назіральнікаў (такая тактыка асабліва шырока выкарыстоўвалася ў Беларусі і Казахстане). Яшчэ адна мяккая форма супрацьдзеяння незалежнаму назіранню палягала ў арганізацыі фармальна незалежных экзіт-полаў, якія на загад зверху праводзілі малавядомыя сацыялагічныя службы. Яны абвяшчалі поўную перамогу дзейнай улады, прычым значна раней, чым апазіцыя паспявала абвесціць свае лічбы.

  28 Гл.: Kuchins, Andrew. Will Authoritarians of the Worlds Unite?

29 Напрыклад, сувязі адміністрацыі ЗША з урадам азербайджанскага прэзідэнта Ільхама Аліева (разахвочванне апазіцыі ад пратэставання) і казахскім лідарам Нурсултанам Назарбаевым, роўна як цярплівасць да парушэнняў правоў чалавека ва Ўзбекістане.

30 Гл, напрыклад: Friedman, Thomas. The Law of Petropolitics.

31 Туркменістан нядаўна запатрабаваў экстрадыцыі туркменскіх дысыдэнтаў, што знаходзяцца ў Кіеве, пад пагрозай спыніць пастаўкі газу.

32 Гл.: Gershman, Carl; Allen, Michael. The Assault on Democracy Assistance // Journal of Democracy. № 2 (2006): Р. 36—51. Р. 40.

33 Huntington, Samuel. The Third Wave… Р. 31—32.

34 У якасці прыкладу можна прывесці шэраг заканадаўчых актаў, скіраваных супраць НУА, падрыхтоўка якіх пачалася яшчэ на пачатку гэтага дзесяцігоддзя, і напады прэзідэнта Пуціна на фінансаваныя Захадам арганізацыі ў прэзідэнцкім звароце ў траўні 2004 г. (ён заявіў, што гэтыя НУА «ніколі не ўкусяць руку, якая іх гадуе»). Адбылося гэта за паўгоду да Памаранчавай рэвалюцыі і за паўтара гады да прыняцця законапраектаў парламентам. Гэтаксама папраўкі да Крымінальнага кодэксу Беларусі, якія пакінулі па-за законам амаль усю дзейнасць незалежнай грамадзянскай супольнасці, былі ўпершыню сфармуляваныя ў 2001 г. і чакалі свайго прыняцця.

35 Так, утаймаванне антыпуцінскіх апазіцыйных СМІ праз судовыя справы і прымусовую змену ўласнікаў было часткай агульнае палітыкі ўдушэння свабодных СМІ, якая доўжыцца ад пачатку прэзідэнцтва Пуціна.

36 Грамадская думка ў Расіі пасля Памаранчавай рэвалюцыі будзе дэталёва аналізавацца ніжэй. У Беларусі дзяржаўная прэса публікавала вялікія вытрымкі з класічных кніг па праблеме дэмакратызацыі, у прыватнасці, з «Трэцяй хвалі» Самуэля Хантынгтана (з акцэнтам на рэцэптах змены рэжыму) і «Тэхналогіі негвалтоўнага супраціву» Джына Шарпа. Яна давала своеасаблівую ацэнку флэш-мобам і экзіт-полам, папярэджвала, што мірныя тэхналогіі змены рэжыму і негвалтоўнага супраціву — проста прыкрыццё для дэструкцыйных і патэнцыйна крывавых захадаў апазіцыі. Гл.: Silitski, V. Contagion Deterred.

37 У Азербайджане нібыта планаваны дзяржаўны пераварот пад кіраўніцтвам былых урадоўцаў быў раскрыты ўсяго за некалькі тыдняў да выбараў. Паліцыя і журналісты дзяржаўнага тэлебачання ўварвалі-ся ў шыкоўныя апартаменты змоўшчыкаў і знялі стосы грошай і золата, схаванае ў сутарэннях, якое нібыта мусіла пайсці на фінансаванне дзяржаўнага перавароту. Падобным чынам, з камерамі і дэманстрацыяй грошай, у лютым 2006 г. арыштавалі лідэраў беларускага НУА па назіранні за выбарамі «Партнёрства».

38 Гл.: Uzbekistan report // Nations in Transit 2006. (PDF)

39 Нурсултан Назарбаеў пагуляўся ў «коткі-мышкі» з законамі супраць НУА. Ён скіраваў некаторыя з іх у Канстытуцыйны Суд, які, у сваю чаргу, абвесціў іх неканстытуцыйнымі. Відавочна, гэта акцыя мела на мэце надаць Назарбаеву палітычныя дывідэнды. Як ні смешна, каб стварыць ілюзію лібералізацыі, ён для пачатку мусіў зрабіць толькі адно — узмацніць рэпрэсіі. Гл.: Kazakhstan // NIT. 2006. Р. 315—316.

40 Згодна з новымі законамі, у Беларусі таксама забараняецца атрымліваць замежныя гранты на назіранне за выбарамі і дзейнасць, скіраваную на «ўмяшанне ва ўнутраныя справы Беларусі» (датычыцца таксама абароны правоў чалавека): Belarus // NIT. 2006.

41 Лідэраў гэтых груп малявалі ў СМІ марыянеткамі Захаду, якія за шчодрую фінансавую дапамогу абавязваліся забяспечыць звяржэнне ўладаў. У Азербайджане разам з «заходняй» картай разыгрывалася і этнічная. Руслана Башырлі, лідэра моладзевага руху «Ені Фікір», арыштавалі ў красавіку 2005 г. па абвінавачванні ў супрацоўніцтве са спецслужбамі Арменіі: Azerbaijan // NIT. 2006. Р. 111—112.

   
Апроч таго, сярод адкрыта контррэвалюцыйных захадаў улады было ўзмацненне рызыкі, звязанай з удзелам у вулічных акцыях пратэсту. Падобныя захады мелі як прапагандысцкі, гэтак і праўны характар. Што да прапаганды, азербайджанскае дзяржаўнае тэлебачанне перад парламенцкімі выбарамі некалькі разоў паказала, як добра ўзброены спецназ трэніруецца ў разгоне дэманстрацый з ужываннем цяжкой зброі і водных гарматаў. За лічаныя дні да сакавіцкіх выбараў 2006 г. беларускі КДБ агучыў пагрозу, што паслявыбарчыя дэманстрацыі прыраўнаваныя да тэрарыстычных актаў і будуць адпаведна карацца, ажно да найвышэйшае меры. Назіральнікі, у сваю чаргу, у дзень выбараў паведамлялі пра шырокамаштабныя перасоўванні ваенных машынаў у спальных раёнах Мінска, што было відавочнай дэманстрацыяй сілы. Што да праўнага ракурсу, то змены ў выбарчае заканадаўства Казахстану напярэдадні снежаньскай прэзідэнцкай кампаніі забаранілі ўсе грамадскія сходы ад дня выбараў і да дня афіцыйнага абвяшчэння вынікаў. Гэтае рашэнне, згодна з цверджаннем Freedom House, мела на мэце «перадухіліць масавыя дэманстрацыі на ўзор тых, што адбыліся пасля сфальсіфікаваных выбараў у Грузіі (2003), Украіне (2004) і Кыргызстане (2005)»43. Прыняты ў Казахстане закон аб экстрэмізме стварыў праўную базу для ператрусаў, канфіскацыі літаратуры і зрыву выбарчай кампаніі апазіцыі. Тое самае адбывалася і ў Беларусі ў 2006 г., але ў яшчэ большым маштабе. Прадстаўнікі ўлады, якія праводзілі рэпрэсіі, мелі яшчэ больш шырокія, падрабязна распісаныя паўнамоцтвы. Як і ў Казахстане, жорсткія захады супраць апазіцыі легалізоўваліся адмысловымі заканадаўчымі актамі і нормамі, прынятымі ў папярэднія гады, таму Лукашэнкавым людзям не патрэбна было больш рабіць выгляд, што апаненты рэжыму пераследуюцца паводле якіх заўгодна, але не палітычных матываў.

Урэшце, важна, што некаторыя постсавецкія аўтакраты навучыліся змагацца з «дэмакратычнай заразай» даволі тонка, пазытыўна і ў даволі нечаканым стылі: праз гульні з сімваламі і элементамі антуражу саміх электаральных рэвалюцый. Лідэры кшталту Лукашэнкі і Назарбаева (а таксама Пуціна) здолелі скарыстацца энергіяй, творчымі здольнасцямі і спадзяваннямі тых самых груп насельніцтва, якія запалілі полымя рэвалюцый у іншых краінах. Яны здолелі арганізаваць гэтых людзей і выкарыстаць іх як сродкі захавання наяўнага палітычнага ладу. У прыватнасці, гэтыя лідэры відавочна зразумелі важную ролю моладзі ў электаральных рэвалюцыях. Яны не толькі своечасова «націснулі» на аналагі «Отпора» і «Кхмары», але і стварылі свае ўласныя лаяльныя групы, якія абяцалі іх удзельнікам тое самае, што раней прываблівала ў рэвалюцыях: радаснае хваляванне, весялосць і — з увагі на карнавальную атмасферу Памаранчавай рэвалюцыі, якая вылілася ў бесперапынны поп- і рок-канцэрт на Майдане Незалежнасці, — забаву. Напрыклад, Назарбаеў і Лукашэнка ў сваіх перадвыбарчых кампаніях выкарысталі поп-культуру: замест дэманстрацыяў і афіцыйных дэбатаў яны аддалі перавагу бясплатным канцэртам і забаўляльным шоў. Назарбаеў пайшоў нават далей: ён здолеў замаскаваць антырэвалюцыйныя захады пад рэвалюцыю. Ён правёў уласную «каляровую» кампанію! Карнавальны стыль антырэвалюцыйных кампаніяў дасягнуў вельмі моцнага эфекту: шырока асвечаныя па тэлебачанні, са шматлікімі візуальнымі эфектамі, сімваламі, славутасцямі і зоркамі, аздобленыя пазітыўнымі патрыятычнымі ідэямі44, яны стварылі ўражанне пераважнай падтрымкі ўладаў, выціснулі апазіцыю па-за межы публічнай прасторы і пазбавілі яе ключавых мабілізацыйных ідэяў, потым выкарыстаных самімі ўладамі.

  42 Azerbaijan // NIT. 2006. Р. 112.

43 freedomhouse.org.

   
Падобнай апераджальнай стратэгіяй скарысталіся расійскія ўлады, калі стваралі лаяльныя групоўкі са структурай і сімваламі, падобнымі да ўласцівых паспяховым апазіцыйным рухам у іншых краінах, але з выразнай антырэвалюцыйнай платформай. Такім чыным з’явіўся прапуцінскі моладзевы рух «Наши» — alter ego ўкраінскай «Поры» і грузінскай «Кхмары». Каб паказаць, што яны гатовыя супрацьстаяць контрдэманстрацыямі любым акцыям пратэсту апазіцыі, 15 траўня 2005 г. «Наши» зладзілі ў Маскве пробнае масавае 50-тысячнае шэсце. Крамлёўскія настаўнікі «Наших» публічна інструктавалі прапуцінскую моладзь: «Вы недастаткова моцныя, вы павінны быць гатовыя разагнаць фашысцкую дэманстрацыю і ўдушыць спробы антыдзяржаўнага перавароту»45. Антыфашысцкая рыторыка апраўдвалася галоўным чынам радыкальнай антыпуцінскай пазіцыяй Нацыянал-бальшавіцкай партыі, бадай, найбольш актыўнай і бескампраміснай групы ў сучаснай расійскай апазіцыі. Але ярлык «фашысты» паводле змоўчання пашырыўся на ўсю апазіцыю, у т. л. і ліберальную.

Аўтарытарная гегемонія: роля Расіі ў СНД пасля каляровых рэвалюцый

Памаранчавы страх

Паводле словаў аднаго аглядальніка, украінская Памаранчавая рэвалюцыя сталася «расійскім 11 верасня»46. Пасля яе Расія прыклала ўсе намаганні, каб аднавіць свой статус дзяржавы-гегемона на прасторы былога Савецкага Саюзу і не дапусціць далейшага распаўсюду «дэмакратычнай заразы». Гэты намер Расіі паўплываў на характар яе замежнай і ўнутранай палітыкі. Ён абумоўлены няспынным спаўзаннем дзяржавы да аўтарытарызму з таго часу, як гаспадаром Крамля стаў Уладзімір Пуцін. Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Расійскай Федэрацыі, падпісаная Пуціным у 2000 г., адлюстравала новае бачанне замежнай палітыкі: згодна з ёю Расія можа дасягнуць магутнасці толькі праз аслабленне геапалітычнага ўплыву Захаду, і наадварот. Гэта і вызначыла погляды Крамля на працэсы дэмакратызацыі ў рэгіёне як збольшага сродак пашырэння сферы інтарэсаў Захаду за кошт інтарэсаў Расіі. Так, у 2004 г. кароткі тактычны альянс Расіі з Захадам, і ў прыватнасці з ЗША, сфармаваны пасля тэрарыстычных актаў у Нью-Ёрку ў 2001 г., пад уплывам шэрагу чыннікаў хутка распаўся.

На гэтым фоне украінскія прэзідэнцкія выбары ў Крамлі інтэрпрэтавалі як кульмінацыю геапалітычнага спаборніцтва з Захадам за дамінаванне на постсавецкай прасторы. У сваю чаргу, гэта прымусіла Крэмль адназначна падтрымліваць «пераемніка» Кучмы прэм’ер-міністра Ўкраіны Віктара Януковіча ў барацьбе з кандыдатам ад апазіцыі Віктарам Юшчанкам. Хоць выбары прэзідэнта Ўкраіны — найперш унутраная справа самой Украіны47, і Захад, і Ўсход адкрыта ўмяшаліся ў хаду падзеяў. Насуперак заявам Расіі (і некаторым заходнім публікацыям), няма сур’ёзных факталагічных падставаў сцвярджаць, што ўмяшанне Захаду і перадусім ЗША ў выбарчы працэс «было больш значным за ўсё, што зрабіла Масква»48. Паводле большасці ацэнак, фінансавая дапамога Януковічу з боку расійскіх карпарацыяў значна перавысіла выдаткі Кангрэсу ЗША на падтрымку дэмакратыі ва Ўкраіне49. Прэзідэнт Пуцін двойчы наведаў Украіну падчас выбарчай кампаніі, і ягоны другі візіт паміж першым і другім турам, нягледзячы на афіцыйную назву, быў не чым іншым, як агітацыйнай акцыяй. У Кіеў зляцеліся г. зв. крамлёўскія паліттэхнолагі, каб дапамагаць у выбарчай кампаніі Януковіча і весці інфармацыйную атаку на апазіцыю. Важным складнікам януковіцкай прапаганды былі расійскія тэлеканалы50. Пасля другога туру Пуцін дэ-факта падтрымаў фальсіфікацыю выбараў, двойчы павіншаваўшы Януковіча з перамогай. У найбольш крытычны момант Памаранчавай рэвалюцыі, як толькі стала відавочна, што апазіцыя перамагае, расійскі істэблішмент адкрыта падтрымаў недаўгавечны праект Януковіча адносна «аўтаноміі» ўсходняй Украіны51.

Перамогу Памаранчавай рэвалюцыі і абранне Віктара Юшчанкі на пасаду прэзідэнта Ўкраіны ў Крамлі ўспрынялі як геапалітычную паразу. У разуменні расійскага чынавенства і грамадскай думкі перамога Віктара Юшчанкі сталася вынікам маніпуляцый масамі з-за мяжы пры дапамозе фінансавання і больш дасканалых палітычных тэхналогій. Адразу пасля Памаранчавай рэвалюцыі Крэмль быў відавочна ўстрывожаны тым, што падобныя тэхналогіі рэвалюцый могуць неўзабаве апрабаваць і ў самой Расіі52. Сэнс гэтай пагрозы ў студзені 2005 г. сфармуляваў выканаўчы сакратар СНД і былы галава расійскага ФСБ Уладзімір Рушайла: «Змена кіроўных элітаў пры дапамозе палітычных тэхналогій становіць небяспеку для ўсіх краінаў СНД, і Расіі ў прыватнасці»53.

У постпамаранчавы перыяд былі вызначаны дзве асноўныя задачы замежнай палітыкі Расіі ў дачыненні да краінаў былога СССР. Першая палягала ў спыненні «дэмакратычнай заразы». Мэты планавалася дасягнуць пры дапамозе адмысловых захадаў па дэстабілізацыі становішча ў краінах, дзе адбыліся каляровыя рэвалюцыі, каб прадэманстраваць іх адмоўны эфект грамадству і ў Расіі, і ў іншых краінах СНД, якія маглі падхапіць «дэмакратычную заразу». У Расіі нядаўнія дэмакратычныя рэвалюцыі тлумачаць як спансараваную Захадам геапалітычную экспансію. Таму расійская палітыка скіраваная супраць не толькі пострэвалюцыйных, але і ўсіх празаходніх краін СНД, напрыклад, Малдовы (нягледзячы на ўласцівыя ёй аўтарытарныя тэндэнцыі), а таксама краін Балтыі і нават Цэнтральнай Еўропы, напрыклад, Польшчы. (Расія ўсё больш разглядае іх як фарпосты прасоўвання дэмакратыі, як краіны, што, на яе думку, псуюць яе стасункі з Захадам). Масква выкарыстала святкаванне 60-х угодкаў перамогі ў Другой усясветнай вайне як нагоду для масіўнай прапагандысцкай атакі супраць гэтых краінаў — іх абвінавачвалі ў сімпатыях да нацызму54.

Дэстабілізаваць празаходнія краіны, а таксама тыя, дзе перамаглі рэвалюцыі, стала справай як прапаганды, гэтак і практычнай палітыкі. У расійскім палітычным дыскурсе Памаранчавая і астатнія каляровыя рэвалюцыі звязваліся з няспыннай каланізацыяй постсавецкай прасторы дзяржавамі гэтак званага «Вашынгтонскага абкаму»55 і з узвядзеннем «санітарнага кардону» вакол Расіі. Канцэпт «суверэннай дэмакратыі», ідэалагічны антыбіётык да «рэвалюцыйнай заразы», прапагандаваны крамлёўскім істэблішментам у постпамаранчавы перыяд, адлюстроўвае паноўны погляд на дэмакратыю заходняга тыпу ў постсавецкіх дзяржавах як на форму каланіяльнай залежнасці56. У прапагандысцкім контрнаступе на каляровыя рэвалюцыі актыўна раскручваўся імідж пострэвалюцыйных краінаў, у прыватнасці Грузіі і Ўкраіны, як рассаднікаў палітычнай і эканамічнай нестабільнасці57, і этнакратычнай дыктатуры58, дзе эліта «палюе на вядзьмарак», парушае правы чалавека і нацыянальных мяншыняў, ладзіць этнічныя чысткі і падтрымлівае тэрарызм59. Гэтая прапаганда збольшага скіраваная на свой электарат: каб насельніцтва падтрымлівала ўласную аўтарытарную ўладу, трэба адштурхнуць яго ад ідэі змены рэжыму. Варта адзначыць, аднак, што гэтая прапаганда праз падкантрольныя Крамлю СМІ скіроўвалася і на краіны былога СССР і астатняга свету з відавочнай мэтай падарваць давер мясцовага насельніцтва да празаходніх урадаў і іх рэформаў60.

Другая знешнепалітычная задача палягала ў аднаўленні палітычнага ўплыву ў краінах былога СССР, якія пасоўваюцца на Захад61. З іроніі лёсу, каляровыя рэвалюцыі не толькі не аслабілі магчымасці Расіі пашырыць сваю ўладу ў рэгіёне, але, наадварот, пэўным чынам падмацавалі іх: як выявілася, на адкрытыя дэмакратычныя краіны з вольнай палітычнай канкурэнцыяй уплываць лягчэй, чым на рэпрэсіўныя. Больш за тое, пасля Памаранчавай рэвалюцыі Расія не страціла інструментаў уплыву ў блізкім замежжы. Яны захоўваюцца і дзякуючы структурным чыннікам, у прыватнасці, эканамічнай, фінансавай і вайсковай няроўнасці паміж Расіяй і іншымі краінамі СНД. Так, расійская манаполія на пастаўку стратэгічна важных прыродных рэсурсаў надае Крамлю сталую крыніцу ўплыву, прымусу і кантролю, значнасць якой цяжка пераацаніць. «Жорсткія» чыннікі расійскага ўплыву ўзмацняюцца і вайсковай прысутнасцю Расіі ў зонах канфліктаў у некаторых пострэвалюцыйных дзяржавах і яе фактычным пратэктаратам над іх сепаратысцкімі рэгіёнамі.

Экспарт паліттэхналогій у пострэвалюцыйныя краіны

Наступы Расіі на рэвалюцыі ў блізкім замежжы ў пасляпамаранчавы перыяд грунтаваліся на тых самых паліттэхналогіях і сцэнарах інфармацыйных войнаў, што дапамагалі апраўдаць аўтарытарызацыю пуцінскай Расіі. Гэта стала відавочным пасля стварэння ў лютым 2005 г. Дэпартамента па міжрэгіянальных сувязях і культурных кантактах з замежнымі краінамі, асабліва пасля таго, як яго кіраўніком быў прызнаны Мадэст Калераў, які доўгі час працаваў з вядучым пуцінскім паліттэхнолагам Глебам Паўлоўскім. Раз Расія лічыцца пераемніцай Савецкага Саюзу, Калераў надзвычай арыгінальна акрэсліў мэтавую аўдыторыю свайго дэпартамента. Яе складаюць не толькі этнічныя расійцы, але і ўсе грамадзяне постсавецкіх краінаў, якія «арыентуюцца на Расію і звязваюць з ёй сваю будучыню». Нагэтулькі шырокае і спрэчнае вызначэнне служыць базай для змены ў расійскай палітыцы што да краінаў блізкага замежжа: ад абароны правоў этнічных меншасцяў (рускай дыяспары) — да ўмяшання ў іх унутраныя справы на баку палітычных сіл, якія падтрымліваюць палітычныя інтарэсы Расіі ў сваіх краінах62. Яшчэ адно сведчанне вядучай ролі паліттэхнолагаў у распаўсюджанні антырэвалюцыйных настрояў у блізкім замежжы — распачатая ў 2005 г. расійская грантавая праграма, якую разглядаюць як сродак падтрымкі пракрамлёўскіх груп у самой Расіі і ў блізкім замежжы. Шмат якія з іх кантраляваліся і кіраваліся тымі самымі паліттэхнолагамі, якія актыўна спрычыніліся да прэзідэнцкіх выбараў ва Ўкраіне. З 2005 г. крамлёўскія паліттэхнолагі пачалі актыўна вербаваць актывістаў з прарасійскіх арганізацыяў на постсавецкай прасторы і зводзіць іх з крамлёўскімі чыноўнікамі, якія «адыгрываюць галоўную, хоць часам і ценевую ролю ў выпрацоўцы расійскай палітыкі»63, каб абмеркаваць спосабы падвысіць ролю Расіі ў краінах блізкага замежжа. У якасці дзейснага сродка прапаганды ідэяў Крамля сярод супольнасцяў экспертаў у краінах былога СССР яны разглядаюць інтэрнэт64.

Калераў дзейнічае на постсавецкай прасторы ў сваім своеасаблівым стылі. У ліпені 2005 г. адбыўся ягоны скандальны візіт у Прыднястроўе65. Там Калерава прынялі і нават зрабілі ганаровым сябрам моладзевага руху «Прорыв!», свайго кшталту «антырэвалюцыйнага «Отпора», падобнага да расійскіх «Наших», толькі больш радыкальнага ў метадах. Вядома, што арганізацыя знаходзіцца пад апекай спецслужбаў Прыднястроўя. «Прорыв!» спецыялізуецца на паклёпніцкіх кампаніях і запалохванні апанентаў прыднястроўскай улады як у самаабвешчанай рэспубліцы, гэтак і па-за яе межамі, а лідэраў арганізацыі ў шэрагу краінаў (у тым ліку і Расіі) абвінавачваюць у забойствах. Да таго ж «Прорыв!» не абмяжоўваецца дзейнасцю ў Прыднястроўі (яшчэ адно падабенства да «Отпора»). Напрыклад, клон «Прорыва» пад той самай назвай з’явіўся ў Крыме. Гэты рух распаўсюджвае сепаратысцкія настроі і змагаецца з арганізацыямі ўкраінцаў і крымскіх татараў. «Прорыв!», які заклікаў да «грамадзянскай вайны» ў Крыме, адкрыта падтрымлівалі расійскія дэпутаты66.

Любімы праект Калерава на Каўказе — Каўказскі інстытут дэмакратыі, крамлёўскі прапагандысцкі цэнтр, створаны як рупар радыкальных апанентаў Саакашвілі ў Грузіі, а таксама сепаратысцкіх рэгіёнаў — Абхазіі і Паўднёвай Асетыі. Калераў кантактаваў з групамі кшталту «Анты-Сорас», апазіцыйным да цяперашняй грузінскай улады рухам на чале з Маяй Нікалаяшвілі, абвінавачанай у падрыхтоўцы звяржэння Саакашвілі, а таксама з былым міністрам абароны Ігарам Геаргадзэ, абвінавачаным у замаху на жыццё былога прэзідэнта Грузіі Эдуарда Шэварднадзэ ў 1995 г. (З таго часу Геаргадзэ жыве ў Маскве, тамсама месціцца і створаная ім Партыя справядлівасці. Яе адгалінаванне ачольвае Джымала Гатыгідзэ, былы міністар бяспекі Аджарыі, які працаваў на Аслана Абашыдзэ. Апошні, нагадаем, у 2004 г. збег у Маскву.)

Жорсткія механізмы ўплыву: працяглыя канфлікты, газавыя войны, забароны на імпарт

Ціск Крамля на Малдову і Грузію праз сепаратысцкія рэгіёны не абмяжоўваўся актыўнасцю паліттэхнолагаў. Прысутнасць шматлікага міратворчага кантынгенту ў Абхазіі, Паўднёвай Асетыі і Прыднястроўі, выдаванне расійскіх пашпартоў жыхарам гэтых рэгіёнаў, а таксама сталая эканамічная і вайсковая падтрымка (у т. л. прыкрыццё кантрабанднай дзейнасці — асноўнай крыніцы даходаў) стварылі безліч магчымасцяў для ціску і прымусу. Урады Малдовы і Грузіі запатрабавалі вывесці расійскі вайсковы кантынгент са сваёй тэрыторыі. Яны сцвярджаюць, што прысутнасць расійскіх войскаў дазваляе кіраўніцтву рэгіёнаў сабатаваць спробы перамоваў і замірэння. У адказ Крэмль зацягнуў перамовы, змусіў мясцовае кіраўніцтва адкінуць планы замірэння, прапанаваныя ўладамі Малдовы і Грузіі, і ініцыяваў рэферэндумы аб незалежнасці Прыднястроўя і Паўднёвай Асетыі. Яны адбыліся ў 2006 г., перакрэсліўшы ўсе надзеі на ўрэгуляванне канфліктаў у агляднай будучыні. Падобным чынам зацягваліся і перамовы датычна вывядзення расійскага кантынгенту з цэнтральнай Грузіі.

«Газавая вайна» 2005—2006 гг., найгрубейшы метад ціску на пострэвалюцыйныя краіны, пачалася са спробаў Расіі паўплываць на вынікі прэзідэнцкіх выбараў ва Ўкраіне ў 2004 г. Напярэдадні выбараў расійскі газавы манапаліст «Газпром» заключыў з урадам Віктара Януковіча надзвычай выгадную для яго дамову, паводле якой Украіна атрымлівала газ у тры разы танней за еўрапейскія краіны. Газавы кантракт быў практычна непрыхаванай спробай узняць шанцы Януковіча на выбарах. Увесь 2005 г. «Газпром» упарта адмаўляўся весці перамовы пра пастаўкі на наступны год і толькі ў снежні абвясціў пра падвышэнне коштаў на газ утрая. Праз некалькі дзён «Газпром» паведаміў пра падвышэнне коштаў для большасці спажыўцоў у іншых былых рэспубліках СССР.

«Газпром» сцвярджаў, што рашэнне падвысіць кошты было «выключна эканамічным», прынятым не на падставе палітычных чыннікаў, а ў выніку пераходу на рынкавыя стасункі з партнёрамі Расіі на постсавецкай прасторы. Аднак наўрад ці справядліва казаць пра «рынкавыя механізмы», калі ўлічыць манаполію «Газпрому» на пастаўкі і транзіт нафты. Напрыклад, цягам 2005 г. «Газпром» інтэнсіўна замацоўваў свае пазіцыі ў былых савецкіх рэспубліках: завалодваў аб’ектамі інфраструктуры і падпісваў новыя кантракты, каб падпарадкаваць сабе дадатковыя транзітныя магутнасці газаправодаў67. Гэта значна абмежавала пакупнікам газу прастору для манеўраў — яны страцілі магчымасць звярнуцца да іншых экспарцёраў, калі здарыцца канфлікт з «Газпромам». Мала таго, падвышэнне коштаў было падкрэслена няроўным коштам для розных краінаў: найвышэйшыя тарыфы — для Ўкраіны (першапачатковая сума — 230 даляраў за 1000 кубаметраў, у параўнанні з 100—110 далярамі для большасці іншых краінаў СНД) і Грузіі, найніжэйшы тарыф — для Беларусі: ёй яшчэ год дазвалялася набываць газ па ўнутрырасійскім кошце68. Немалаважна, што выбар часу для газавай вайны — напярэдадні парламенцкіх выбараў ва Ўкраіне — аўтаматычна вывеў на першы план палітычныя пытанні, нават зрабіў іх сутнасцю супрацьстаяння. Насуперак цверджанням «Газпрому» пра адсутнасць палітычнай матывацыі ў падвышэнні коштаў ідэолагі Крамля і падкантрольныя яму СМІ прадстаўлялі гэты канфлікт расійскай грамадскасці як спробу зацугляць былых рэвалюцыянераў69. Масква не хавала, што канфлікт распачаты для ўмяшальніцтва ў перадвыбарную кампанію з мэтай мабілізаваць выбарцаў прамысловай і моцна залежнай ад Расіі ўсходняй Украіны, электаральнай базы Януковіча70.

  44 Тым не менш, яны не ўлучалі апазіцыю: напрыклад, слоганы перадвыбарчых кампаніяў Назарбаева і Лукашэнкі «За Казахстан» і «За Беларусь» падсвядома значылі, што тыя, хто галасуюць супраць лідэраў, выступаюць супраць сваіх краінаў.

45 Сурков пообещал «Нашим» страну и власть // NewRu.com. 2005. 18 ліпеня.

46 Krastev, Ivan. Russia’s Post-Orange Empire.

47 Пры абмеркаванні пытання замежнай падтрымкі абодвух бакоў часта ігнаруюць тое, што галоўныя кандыдаты, у тым ліку Юшчанка, атрымлівалі фінансавую дапамогу перш за ўсё з украінскіх крыніцаў. Так, Юшчанку падтрымліваў мясцовы бізнэс, а Януковіч выкарыстоўваў адміністрацыйны рэсурс. Гл.: Way, Lucan. Kuchma’s Failed Authoritarianism.

48 Steele, Jonathan. Ukraine’s Untold Story // The Nation. № 20. December 2004.

49 Паводле розных падлікаў, фінансавая падтрымка Расіі Януковічу склала ад 50 да 600 мільёнаў даляраў. Некаторыя расійскія карпарацыі, якія высока ацэньвалі Юшчанку як прэм’ер-міністра, прапанавалі фінансава падтрымаць ягоную кампанію, але на загад з Крамля мусілі адмовіцца ад сваёй ідэі. Гл.: Wilson, Andrew. Ukraine’s Orange Revolution. New Haven and London: Yale University Press, 2005. Р. 118—211; Petrov, Nikolay; Ryabov, Andrei. Russia’s Role in the Orange Revolution // Aslund, Anders; McFaul, Michael. Revolution in Orange: The Origins of Ukraine’s Democratic Breakthrough. Washington D.C.: Carnegie Endowment, 2005. Р. 145—165.

50 За некалькі дзён да першага туру выбараў расійскі першы канал абвесціў: «Асноўны электарат Юшчанкі складаюць былыя ветэраны СС, падраздзяленняў ультранацыяналіста Сцяпана Бандэры і тыя, хто сёння захапляецца іх талентамі». Першы канал. 2004. 28 кастрычніка.

51 Янукович и Лужков приехали в Северодонецк // Grani.ru. 2004. 27 лістапада.

52 Як казаў Паўлоўскі ў лістападзе 2004 г., «калі мы страцім Украіну, тое самае адбудзецца праз год у Расіі». Інтэрв’ю з Глебам Паўлоўскім (Комсомольская Правда. 2004. 27 лістапада.).

53 Рамизоглу, Н. Политтехнологии — угроза XXI века // Central Asia. 2005. 15 студзеня.

54 Лідары Літвы і Эстоніі адмовіліся прыняць удзел у святкаванні гадавіны перамогі ў Маскве, бо Расія не пагадзілася прызнаць акупацыю балтыйскіх краінаў з 1940 г.

55 Метафара ўведзеная палітычным аглядальнікам Мікалаем Чуксіным у кнізе «Project Russia: The Washington Obkom and the Occupied Country». Вядучыя крамлёўскія прапагандысты падхапілі гэты тэрмін і пачалі выкарыстоўваць у сваіх прамовах і спавешчаннях. Гл., напрыклад, ацэнку Памаранчавай рэвалюцыі агенцыяй Мадэста Калерава: Фронт против России: санитарный кордон и внешнее управление. 2005. 18 сакавіка.

56 Вячаслаў Суркоў, намеснік галавы адміністрацыі Пуціна і галоўны ідэолаг «суверэннай дэмакратыі», вызначыў яе як «форму палітычнага жыцця грамадства, дзе ўлада і яе інстытуты фармуюцца і кіруюцца выключна расійскім народам»: Национализация будущего // Expert. 2006. 20 лістапада.

57 Напрыклад, запавольванне эканамічнага росту ва Ўкраіне з 13 да 3,5% падавалася як сведчанне глыбокага эканамічнага крызіса. Расійскія медыі распавядалі пра нястачу мяса і бензіну, а таксама пра тое, як жыхары Ўкраіны ў паніцы назапашваюць сена і вугаль пасля змяншэння паставак газу: Оранжевая Украина — нету мяса, нету бензина // Комсомольская Правда. 2005. 2 ліпеня.

58 Мадэст Калераў, напрыклад, заявіў, што Расія — самая дэмакратычная краіна на прасторы былога СССР, таму што толькі ў Расіі існуюць «канстытуцыйныя гарантыі правоў нацыянальных меншасцяў», між тым як у іншых дзяржавах пануюць «больш ці менш этнакратычныя рэжымы, якія не дазваляюць нацыянальным меншасцям граць заўважную ролю ў палітыцы дзяржавы» // Лекцыя Мадэста Калерава ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце. 2006. 23 траўня.

59 Каментуючы тэракт у Нальчыку ў лістападзе 2005 г., першы канал расійскага тэлебачання заявіў: «Арганізатары бандыцкага нападу на Нальчык абралі памаранчавы колер для сваёй палітычнай ідэнтыфікацыі … Заўважце, не зялёны, што, нібыта, было б натуральным для звычайных вахабітаў, а памаранчавы… Для таго, каб прынесці Расіі бліскучыя ідэалы свабоды і дэмакратыі, ім трэба сістэматычна і рознабакова дэстабілізаваць сітуацыю на ўсіх узроўнях // Первый канал. Галоўныя паліттэхнолагі Расіі, у іх ліку Паўлоўскі і Сяргей Маркаў, сур’ёзна разважалі пра планы Грузіі напасці на Расію ў 2005—2006 гг.

60 Да гэтай мэты часам ішлі шляхам падману і правакацыяў: напрыклад, у падробленых спавешчаннях, распаўсюджаных у Еўропе і Паўночнай Амерыцы ў чэрвені 2006 г. і нібыта падпісаных шматлікімі заходнімі экспертамі, сцвярджаецца, што прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі мае праблемы з псіхікай, таксама там абгрунтоўваецца дэмакратычны характар прыднястроўскага рэжыму і ягонае права на аддзяленне ад Малдовы. Спавешчанні неслі адзнакі стылю піяр-правакацыяў «у абгортцы сучаснага выгляду, распрацаванай Мадэстам Калеравым у крамлёўскай адміністрацыі». Гл.: Socor, Vladimir. Dezinformatsiya Alive But Transparent // Eurasia Daily Monitor. Vol. 3. Issue 139 (2006. 19 ліпеня).

61 opendemocracy.net.

62 Расія практыкуе дыферэнцыяваны падыход да абароны правоў суайчыннікаў: супраць астатніх постсавецкіх краінаў, у т. л. Сярэдняй Азіі, калі і рабіліся нейкія захады, то амаль незаўважныя, нягледзячы на шырокавядомую практыку як «мяккай», гэтак і «жорсткай» дыскрымінацыі этнічных рускіх у такіх краінах, як Казахстан і асабліва Туркменістан. Падаецца, што дзейнасць крамлёўскіх паліттэхнолагаў скіраваная выключна супраць празаходніх плюралістычных дзяржаваў былога СССР.

63 Socor, Vladimir. ’Multiculturalism’ Forum Gathers Moscow’s Supporters // Eurasia Daily Monitor. 2005. 19 кастрычніка.

64 Адзін з такіх рэсурсаў, kreml.org, ператварыўся ў мазгавы цэнтар антырэвалюцыйнай прапаганды.

65 Падчас свайго візіту ён публічна ўхваліў лідара сепаратыстаў і абвесціў, што Прыднястроўе, як і Расія, мусіць «не прадаць суверэнітэт за драбязу».

66 obzor.crimea.ua.

   
Перамовы з Украінай скончыліся кампрамісам: кошты знізілі, бо паводле новай дамовы «Газпром» пастаўляе ва Ўкраіну таннейшы туркменскі газ. Улоўка кантракту ў тым, што манапольнае права на пастаўку газу ва Ўкраіну нададзена кампаніі РосУкрЭнерга, цьмянай фірме-пасярэдніцы, якая належыць «Газпрому». У выніку РосУкрЭнерга, скарыстаўшы са свайго статусу манапаліста, давяла да банкруцтва і завалодала ўсёй інфраструктурай размеркавання газу ва Ўкраіне, у якой былі цяжкасці з атрыманнем аплаты ад спажыўцоў. Урэшце ўлетку 2006 г. Януковіча зноў прызначылі прэм’ер-міністрам. Яго ўрад аднавіў раней падпісаныя пагадненні з Расіяй, што ўзмацніла яе эканамічную прысутнасць ва Ўкраіне і кантроль над жыццёва важнымі транзітнымі магутнасцямі.

Яшчэ адным сумна вядомым выпадкам эканамічнага ціску на «празаходнія» і «рэвалюцыйныя» краіны СНД была забарона на імпарт грузінскіх і малдаўскіх він, уведзеная ў сакавіку 2006 г. з ініцыятывы расійскага Міністэрства сельскай гаспадаркі (у спіс забароненага потым трапіла і грузінская мінеральная вада). Забарона моцна адбілася на эканоміцы абедзвюх краінаў, бо 90 % экспарту гэтых тавараў прыпадала менавіта на Расію. Крыху пазней Расія пагражала забараніць увоз украінскага віна па падазрэнні, што ўкраінскія вытворцы рээкспартуюць малдаўскія віны пад іншымі маркамі. Ад наступнай забароны пацярпелі ўкраінскія вытворцы мяса-малочных прадуктаў. Санкцыі закранулі 40 % украінскага экспарту гэтых тавараў, у выніку закрыліся дзесяткі перапрацоўчых заводаў.

Фармальнай прычынай для забароны сталася вялікая колькасць нізкаякасных, падробных і небяспечных для здароўя він, што ўвозяцца ў Расію. Хоць такая праблема сапраўды існавала, незразумела, чаму аналагічныя санкцыі не закранулі тавараў з Абхазіі і Прыднястроўя, дзе, і гэта добра вядома, наладжаная масавая вытворчасць падробных він. Мала таго, ніхто, апроч сельскагаспадарчых чыно